/ Дурдом з нагоды “садому”: літаратура нетрадыцыйнай арыентацыі

/ Дурдом з нагоды “садому”: літаратура нетрадыцыйнай арыентацыі

У рамках 16 Форума выдаўцоў у Львове ўкраінскае выдавецтва “Крытыка” прэзентавала скандальную анталогію квір- (лесбі-, гей- і бі-) літаратуры “120 старонак садому” — першае на прасторах СНД выданне падобнага кшталту. Абодва звязаныя з анталогіяй мерапрыемствы скончыліся невялічкімі пагромамі. Пад гэты шумок, як здаецца, было б цікава і карысна пагутарыць пра анталогію ў прыватнасці і квір-літаратуру як такую з дзяўчынай, якае мае непасрэднае дачыненне да выдання, прадстаўляючы ў гэтай анталогіі Беларусь, — паэткай Настай Манцэвіч (Вілейка-Мінск-Варшава).

“Гамафобія ва Украіне нясе прыкметы добрага густу. Гэты “страх” яднае ўсе слаі насельніцтва — ад гопніка да прэм’ер-міністра”, — канстатуе ў прадмове да анталогіі паэт і эсэіст Андрый Бондар, перастаўляючы такім чынам, у каторы ўжо раз у гісторыі культуры, акцэнты з літаратурнага на сацыяльнае. На яго думку, гэтак жа, як расійскі ліберал заканчваецца там, дзе пачынаецца “ўкраінскае пытанне”, украінскі ліберал заканчваецца там, дзе паўстае небяспека: яго могуць палічыць за гей-талерантную асобу.

Тым не менш, 40 старонак каментараў, якія атачаюць непасрэдна 120 старонак з творамі сучасных літаратараў нетрадыцыйнай арыентацыі, характарызуюць гэты стракаты інтэркантынентальны збор як “перадусім паэзію, лірыку — а ўжо потым развагі на тэму пачуццёвасці, “новай цялеснасці”, квір-ідэнтычнасці ды гендэру”. Зрэшты, само чытанне-гартанне анталогіі пакідае крыху іншае ўражанне. Прадстаўлены творы 30 аўтараў з 14 краінаў Еўропы і ЗША. Простая арыфметыка паказвае: не больш за 4 старонкі на аўтара. У гэтыя 4 старонкі ўкладальнікі паспрабавалі ўціснуць тыя творы абраных паэтаў і празаікаў, якія як найкрасамоўней выслаўляюць іх сексуальную ідэнтычнасць.

Таму “120 старонак садому” чытаюцца як нешта накшталт адважнага маніфесту квір-літаратуры. Адважнага і правакацыйнага — нездарма сама назва кнігі перафразоўвае назву знакамітага раману маркіза дэ Сада. У той жа час — гэта творы прадстаўнікоў розных літаратурных плыняў, розных паэтык, розных пакаленняў. Асноўнай сваёй мэтай укладальнікі анталогіі называюць “памнажэнне разнастайнасці” ў літаратуры і жыцці.

10 і 11 верасня на прэзентацыях “120-ці старонак” у Львове адбыліся лятучыя правакацыі з боку маладых людзей з кароткімі стрыжкамі. Хлопцы імкліва ўбягалі ў залі, пераварочвалі сталы, выкрыкваючы лозунгі гамафобнага зместу. Прэса не магла не перабольшыць маштабы скандалу і памер матэрыяльнай шкоды ад гэтых учынкаў, але — якімі б нязначнымі ні былі б гэтыя правакацыі — відавочна адно: у чарговы раз ліберальны дыскурс сутыкнуўся на постсавецкай тэрыторыі з дыскурсам традыцыйным. Характэрна, што пры перадруку інфармацыі пра адзін з пагромаў у беларускім інтэрнэце, дзеянні львоўскіх праварадыкалаў былі ўхваленыя многімі беларускімі чытачамі. Так што львоўскі інцыдэнт, на маю думку, агаляе ў тым ліку праблемы, што востра стаяць у нашым грамадстве.

Пра ўсё гэта я гутару з паэткай Настай Манцэвіч, чыя празаічная замалёўка “Табе, каханая, прысвячаю” трапіла паводле алфавіту паміж вершамі амерыканскага паэта кітайскага паходжання Цімаці Ліу і расійскага паэта-эмігранта Яраслава Магуціна. Наста нарадзілася ў 1983 годзе, яна эканаміст паводле адукацыі, працуе ў журналістыцы. Удзел у анталогіі — усяго толькі чацвёртая яе публікацыя ўвогуле. Наста піша мала, але напісанае ёй было двойчы высока ацэненае на конкурсах маладых літаратараў ПЭН-цэнтра.

Наста, ці мелі калі-небудзь месца спробы сарваць твае паэтычныя выступы праз тваю сексуальную арыентацыю?

— Ніколі нічога такога не было.

Раскажы пра свой шлях на “120 старонак...”.

— Я сярод іншых нашых літаратараў удзельнічала ў фестывалі “Марцовыя каты” ў Ужгарадзе, і адна з укладальніц анталогіі, Альбіна Пазнякова, пачуўшы мой выступ, папрасіла мяне даслаць творы. Я дасылала вершы і прозу, а яна ўжо выбірала ўрыўкі для перакладу.

Не ўсе творцы нетрадыцыйнай арыентацыі ўхвальна ставяцца да таго, што іншыя ў іх творчасці звяртаюць увагу адно на іх сексуальнасць. Чаму ты вырашыла ўдзельнічаць у такім праекце?

— Спачатку я вагалася, ці ўдзельнічаць увогуле. Бо мне не хацелася, каб на тое, што я напісала, вешалі цэтлік: “лесбі-літаратура”. Але падумаўшы, я вырашыла, што калі нехта ў такім зборніку прачытае мяне, я буду толькі радая.

Ці магла б паўстаць супастаўная культурная ініцыятыва ў Беларусі?

— Чаму не? Але я не ведаю, хто б мог выступіць як арганізатар.

Чаго для цябе ў анталогіі болей — культурнага ці сацыяльнага?

— Укладальнікі сцвярджаюць, што гэта больш культурны праект, але, на маю думку, там болей сацыяльнага.

Наколькі твая арыентацыя вызначае тое, што ты пішаш?

— Я не думаю, што мая лесбійскасць мае вялікае значэнне ў маіх творах. Калі пішу, я пра гэта ўвогуле не думаю. Але калі ў нейкім зборніку сабраныя тэксты пэўнай тэматыкі, можа скласціся ўражанне, што ўся квір-літаратура адно “пра гэта”.

У сваёй прозе ты пісала пра сваю родную Вілейку як пра “высокую, прыгожую жанчыну”. Ты стала жывеш у Мінску, але па працы часта бываеш у Варшаве. Дзе — у каталіцкай Польшчы ці постсавецкай Беларусі — негатыўней ставяцца да геяў?

— Думаю, у Беларусі грамадства больш кансерватыўнае, але я гэтага асабіста не адчуваю. Бо ніхто з маіх сяброў і калегаў не засяроджвае на маёй арыентацыі асаблівай увагі.

Такія анталогіі патрэбныя?

— Так, патрэбныя. Каб (доўга думае)… звярнуць увагу. Каб пасля такога першага шоку людзі больш натуральна ставіліся да твораў, дзе, напрыклад, “жанчына і жанчына”, а не “жанчына і мужчына”. Каб успрымалі такія творы як звычайную літаратуру.

Абодва твае “суседы” па анталогіі — кітаец Цімаці Ліу і расеец Яраслаў Магуцін — на дадзены момант жывуць у Нью-Йорку. А ці былі ў цябе думкі памяняць Мінск як месца сталага жыхарства на які-небудзь больш талерантны да “іншасці” горад?

— Такія думкі былі, тым больш што студэнткай я пабывала і ў Брытаніі, і ў ЗША, але ўсё адно нешта цягне мяне вярнуцца на радзіму. Не ведаю, як сказаць менш пафасна… Мне падабаецца падарожнічаць, але вяртацца я заўсёды хачу ў Беларусь.







Слова стваральнікам:

АЛЕСЬ БАРЛІГ, УКЛАДАЛЬНІК АНТАЛОГІІ:

— Праблема, якой я пераймаюся як журналіст і літаратар, гэта, умоўна кажучы, “дыскрымінацыя мужчыны ў сучасным грамадстве”. Гомаэратычнае вымярэнне стасункаў — адзін з тых аспектаў, у якіх гэтую праблему выдаць найвыразней (…) Я спадзяюся, што “120 старонак садому” істотна пашыраць далягляды грамадскага абмеркавання шэрагу вострых пытанняў і прынамсі дадуць нам нагоду пазбыцца шмат-якіх састарэлых нікчэмных клішэ.

ВОЛЬГА ЛЮБАРСКАЯ, ПЕРАКЛАДЧЫЦА З АНГЛІЙСКАЙ, НЯМЕЦКАЙ, ФРАНЦУЗСКАЙ МОВАЎ:

— Мне выпала перакладаць двух квір-паэтаў і адну паэтку, таму я была змушаная адчуць сябе то жанчынай, якая любіць жанчыну, то мужчынам, які любіць мужчыну. У выніку гэтых метамарфоз паўстала разуменне: няважна, хто і каго кахае, гэты комплекс пачуццяў не мае першасных полавых адзнак, як не мае іх сэрца.




НАСТА МАНЦЭВІЧ

Табе, каханая, прысвячаецца
(урывак)




Паглядзі, на каго ты падобная! Гэта першыя словы, якія я памятаю. Выхавацелька схіліла нада мной свой грозны твар, балюча схапіла за рукі і пачала іх выцягваць з-пад майкі. Усе дзеці спяць. Я — не сплю.

На каго я падобная? Мая рука прыціскаецца да жывата. На мне апранута белая маечка з тонкімі шлейкамі. Я засунула рукі ў дзіркі ад рукавоў і вывучаю сябе пад адзежай. Плоскі жывот, маленькая дзірка-пуп, а вышэй яго — два гузікі, цыцкі. Вось, значыцца, я якая... Цікава, на каго гэта падобна? І чаму той, на каго я падобная, так злуе выхавацельку? Напэўна, я падобная на кагосьці страшнага і злога. Напрыклад, на бармалея. Я гляджу на свае рукі, і мне здаецца, што яны павялічваюцца і на іх пачынае расці поўсць. “Грррааааа”, — крычу я. І мне затыкаюць рот соскай. Мне два гады.



***

Я ўвогуле не ведаю, як мне ўдалося выжыць у дзяцінстве. На кожным кроку мяне падсцерагалі злодзеі, ворагі ды нячысцікі. Дома, на балконе, жыў бармалей, і мне нельга было туды заходзіць, яшчэ адзін жыў у падвале, але туды і без бармалеяў хадзіць не хацелася. Там было цёмна і заўжды нечым смярдзела.

У бабулі ў калодзезі жыў вадзянік, які толькі чакаў, каб зацягнуць мяне ў сваё логава. Але і ён застаўся ні з чым, бо калі мне трэба было праходзіць міма калодзезя, я заплюшчвала вочы і пераставала дыхаць. І бегла з усіх ног, пакуль калодзезь не заставаўся далёка за спінай. Дзядзя міліцыянер наравіў забраць мяне за тое, што я гуляла ў пяску і вымазала сукенку, ці за тое, што занадта хутка бегала, ці за тое, што лазіла па дрэвах, ці за тое, што не хачу есці... Есці трэба было абавязкова, бо нават калі б дзядзя міліцыянер не дазнаўся пра гэта, мяне б падхапіў вецер, закружыў у паветры бы лісцік, а пасля пакаціў па асфальце.

Але самым злым маім ворагам былі птушкі. Яны лёталі паўсюль і ўсё ведалі, бачылі кожны мой крок і расказвалі пра яго маме. І нікуды ад іх немагчыма было схавацца. Ні ў шафу, ні пад канапу.

І вось сярод усіх гэтых страшных людзей, звяроў і пачвараў. Я выжыла.

 

 #
Садом разам з Гаморрай блага скончылі.
 
 #
Творчых посьпехаў, Наста!
 
 #
ня ведаю як на конт квір але прадстаўленыя тут тэксты гэта тынэйджэрская літаратура безідэйныя бытапісальныя літ-практыкаваньні
 
 #
гэта было б смешна, але потым яны запатрабуюць перапісаць сутнасць інстытута сужэнства пад сябе, запатрабуюць усынаўлення, пачнуць раздзявацца перад алтаром у касцелах, забараняць арганізацыі тых, хто лічыць гэта грахом... можа таму і правільна, што ў нас іх не талеруюць...
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com