/ ЕС з працягнутай рукой

/ ЕС з працягнутай рукой

Еўрасаюз падоўжыў частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза ад 17 лістапада.

(На здымку: Яцэк Пратасевіч)


Адначасова ЕС прапануе Еўракамісіі пачаць падрыхтоўку да падпісання пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі. Міністры таксама рэкамендуюць Камісіі ЕС прапанаваць сумесны прамежкавы план прыярытэтных рэформ, якія могуць быць рэалізаваны ў Беларусі ў межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

У дакуменце выказваецца шкадаванне, што апошнім часам не было дастаткова значнага прагрэсу ў сферы правоў і свабодаў чалавека. Міністры заклікалі беларускія ўлады паважаць свабоду СМІ, выказванняў, асацыяцыі і сходаў, рэфармаваць выбарчае заканадаўства і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. У заяве вітаецца развіццё палітычнага дыялога на высокім узроўні, пачатак дыялога наконт правоў чалавека, удзел Беларусі ў палітыцы “Усходняга партнёрства” і ўмацаванне тэхнічнага супрацоўніцтва.

Таксама ў дакуменце зазначаецца, што санкцыі могуць быць адмененыя ў любы момант у адказ на дзеянні беларускіх уладаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Гэтак жа яны могуць быць адноўленыя ў любы час.

Пра тое, што санкцыі ў адносінах да Беларусі будуць прыпыненыя, стала вядома за некалькі дзён да паседжання кіраўнікоў МЗС краін Еўрапейскага саюза. Падчас Беларускага еўрапейскага форума ў Мінску сябар Еўрапарламента, кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч заявіў, што візавыя санкцыі прыпыняюцца, каб адчыніць “вакно магчымасцяў”. Асноўным індыкатарам для адмены санкцый будуць змены ў беларускім выбарчым кодэксе. “На працягу наступных шасці месяцаў у Беларусі будуць мясцовыя выбары. Калі яны пройдуць справядліва, Еўрапейскі саюз можа разгледзець пытанне пра магчымую адмену санкцый”, — паведаміў палітык.

“Еўрапейскі саюз працягвае сваю руку беларускаму ўраду нягледзячы на тое, што ў Беларусі не ўсё добра, — патлумачыў Пратасевіч. — Аднак трэба ўлічваць, што такое рашэнне было прынята пасля таго, як на свабоду выйшаў Аляксандр Казулін. Гэта было папярэдняй умовай. І на сённяшні дзень рука ўсё яшчэ працягнутая. Цяпер сітуацыя ў Беларусі змешаная”.

Сярод пазітыўных зменаў у Беларусі сябра Еўрапарламента назваў вызваленне Казуліна, допуск у распаўсюд газет “Народная воля” і “Наша ніва”, рэгістрацыю некаторых недзяржаўных аб’яднанняў, тое, што маніфестантаў не саджаюць у турмы, а толькі затрымліваюць і штрафуюць.

“З іншага боку, Арцём Дубскі знаходзіцца ў турме, дзесяць чалавек былі асуджаныя да абмежавання волі, некаторыя грамадскія арганізацыі, уключна з прававым цэнтрам “Вясна”, не былі зарэгістраваныя, — пералічыў Яцэк Пратасевіч сутнасць прэтэнзій. — Я не хачу сказаць, што мы прымаем сітуацыю, аднак карціна не з’яўляецца чорнай ці белай”. Паводле яго слоў, ЕС праводзіў кансультацыі ў Беларусі з людзьмі, якія прадстаўляюць увесь спектр палітычных сілаў. Таксама праводзіліся кансультацыі з больш шырокай міжнароднай супольнасцю, уключна з офісам АБСЕ. І большасць удзельнікаў кансультацый сказалі, што трэба працягваць дыялог і пакінуць “вакно магчымасцяў” адчыненым. Аднак на пэўны часовы адрэзак і на пэўных умовах.

“Паверце нам, мы не грунтуем свой падыход толькі на заявах ці знешніх жэстах. Недастаткова, каб Лукашэнка сказаў Ярмошынай: “Памяняйце закон у адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ”. Таксама недастаткова таго, што новы закон будзе проста перасланы ў парламент. Тое, чаго мы чакаем, — гэта рэальныя змены і правапрымяняльная практыка падчас мясцовых выбараў”, — падкрэсліў кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю.

Яцэк Пратасевіч заўважыў, што Беларусь не мае абавязальніцтва дзейнічаць у адпаведнасці з рэкамендацыямі ЕС у сваім эканамічным і палітычным жыцці, бо не ёсць сябрам ЕС ці кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз. “Аднак паколькі Беларусь хоча афіцыйна супрацоўнічаць з ЕС, хоча мець фінансавую падтрымку, сітуацыя змяняецца, — падкрэсліў палітык. — Мы гаворым, калі вы размаўляеце пра супрацоўніцтва, інвестыцыі, мы адказваем “так”. Але і мы можам нечага чакаць. Найперш гэта змены ў эканоміцы. Любы, хто лічыць грошы, не будзе пазычаць кампаніі, якая іх губляе. Другое — пытанне правоў чалавека. Таму што ёсць ціск ад грамадства і палітыкаў, для якіх правы чалавека і дэмакратыя важныя. Вось чаму Лукашэнка гаворыць, што будзе ўносіць змены ў Выбарчы кодэкс. Не таму, што ён вялікі аматар дэмакратыі ці змяніў сваю палітычную філасофію. Але ён хоча нашай фінансавай падтрымкі і мусіць нешта рабіць”.

Разважаючы пра цяперашняе збліжэнне Беларусі з ЕС, віцэ-маршалак Сената Рэспублікі Польшча Збігнеў Рамашэўскі падчас сустрэчы з журналістамі падкрэсліў, што нельга ў сваіх памкненнях ісці перад свядомасцю насельніцтва. “Самая вялікая небяспека ў тым, што энтузіясты, як некалі камуністы, пабудуюць тое, чаго мы не хочам. Я б хацеў, каб з Беларуссю ў нас былі добрыя міжнацыянальныя адносіны. Інтэграцыя з Еўропай мусіць быць квазістатычным працэсам”, — зазначыў палітык.
------------------------------------------------------

Даведка:

Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні чатырох беларускіх службоўцаў, да 2006 года спіс вырас да 41 чалавека. У кастрычніку 2008 года кіраўнік МЗС краін ЕС прыпыніў на паўгода дзеянне санкцый для 36 асобаў з гэтага спісу. У ім засталіся пяць чалавек: тыя, каго Еўропа падазрае ў дачыненні да палітычных знікненняў у 1999–2000 гадах (экс-міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былыя дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман і камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка), а таксама старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. 16 сакавіка гэтага года на паседжанні ў Бруселі прыпыненне санкцый было падоўжана на дзевяць месяцаў. Але дзеянне санкцый адносна гэтых пяці чалавек працягвалася на год.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com