/ “Брызгалаўка”, “Родам з Бум-Бам-Літа”, “Ад тэкста да хранатопа”, “Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”

/ “Брызгалаўка”, “Родам з Бум-Бам-Літа”, “Ад тэкста да хранатопа”, “Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”

“Брызгалаўка”


Серыя “Кнігарня “Наша Ніва” папоўнілася кнігай успамінаў, вершаў і аповедаў пра Жодзіна пісьменніка Алеся Аркуша і яго бацькі Барыса Козіка.

“Брызгалаўку” складаюць аповеды Алеся Аркуша пра любімыя месцы: купку старых ліпаў, краму “Культовары”, Дом культуры ДРЭС, Брызгалаўку ды ўспаміны Барыса Козіка “пра вайну ды мінуўшчыну”.

Брызгалаўка — мясціна ў жодзінскім вадасховішчы (ля рачулкі Пліса), дзе ў 60-х гадах існаваў адкрыты басейн з цёплай вадой. Утварыўся ён праз зліў лішкаў гарачай вады, адпрацаванай ДРЭС...

Уся кніга прасякнутая любоўю сына і бацькі да роднага Жодзіна:

пакуль гэты шлях існуе
датуль я прывязаны пупавінай
да цябе
мой родны горад.





“Родам з Бум-Бам-Літа”


Новая кніга Сержа Мінскевіча прысвечаная літаратурна-мастацкаму руху Бум-Бам-Літ, заснаванаму ў 1995 г. на грунце «постмадэрна». Гэта своеасаблівы летапіс Бум-Бам-Літа, які складаецца з чатырох частак і дадатка. Першая дае магчымасць прасякнуцца духам эксперыментальна-эпатажнага руху: вершы-каліграмы (творы ў форме ці то чалавека, ці то банана, ці то ДНК…), паліндромы (вершы, што чытаюцца як традыцыйна злева направа, так і справа налева), квадрыльёны ды інш… Другая частка кнігі “Творы прозай” утрымлівае збор замалёвак пра часткі цела чалавека (ногі, мазгі, сківіцу, вушы, пуп, хрыбет), а таксама пра “чалавекарэчы”. Частка трэцяя “навучыць”, як пісаць паліндромы, распавядзе, што такое транслагізм і некаторыя сучасныя літаратары. “Мамэнта мэмары” — гісторыя суполкі, а кніжны дадатак — своеасаблівая хроніка прэзентацый, выступаў, творчых паездак сяброў суполкі.

Кніга С. Мінскевіча — для тых, хто цікавіцца літаратурным жыццём Беларусі 90-х гадоў, творчасцю сучасных “радыкальных” літаратараў.



“Ад тэкста да хранатопа”



Артыкулы, эсэ, пятрогліфы літаратуразнаўцы, крытыка, празаіка, паэта, драматурга, казачніка Пятра Васючэнкі сабраныя ў кнізе “Ад тэксту да хранатопа”, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Галіяфы”.

Гэта другая кніга, у якой літаратар змяшчае тэксты, напісаныя ў сваім уласным, вынайдзеным шляхам шматлікіх літаратурных і філалагічных практыкаванняў жанры пятрогліфа. “Сутнасць пятрогліфаў — іх фрагментарнасць і арганізаванасць. Пятрогліфы можна параўнаць з металічным пілавіннем, якое шыхтуецца ў магутным полі інтэлекту”, – тлумачыць аўтар.

Акрамя аналізу беларускай класікі, кніга ўтрымлівае ўнікальнае эсэ “Беларус вачыма беларуса”, напісанае ў суаўтарстве з Ірынай Бурдзялёвай, маскоўскай знаёмай Пятра Васючэнкі, якая насамрэч з’яўляецца зборным вобразам. “Не шукайце нейкіх аналогій і прататыпаў”, — кажа Пятро Васільевіч...



“Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”


Кнігу з такой назвай выдаў паэт, літаратуразнаўца, крытык Анатоль Івашчанка. Гэта навуковае выданне, у якім аўтар аналізуе творчасць аднаго з выбітных паэтаў сучаснасці Алеся Разанава, адрасуецца ўсім неабыякавым да паэзіі.

Перад намі — даследванне-роздум, які грунтуецца на суаднясенні, параўнанні і супрацьпастаўленні двух тэкстастваральных прынцыпаў: медытацыі як спосабу пазнання рэчаіснасці і рацыі як шляху да тлумачэння з’яў гэтай самай рэчаіснасці.

Алесь Разанаў вынайшаў сваю асаблівую і асабістую форму адлюстравання рэальнасці і ірэальнасці — так званыя пункціры, якія прыйшлі на змену квантэмам. Пукцір аўтар даследвання вызначае як “першую і самую трывалую эксперыментальную форму А. Разанава”.

“Спрэчнай выглядае тэза пра элітарнасць ці звышскладанасць паэзіі А. Разанава, — звяртаецца да нас А. Івашчанка. — Можа быць, пытанне толькі ў тым, ці захоча сам чытач адсунуць убок пэўныя стэрэатыпы і непахісныя ўяўленні пра тое, якой мусіць быць паэзія, навязаныя “класічнай” паэтыкай, адукацыяй...”

Ася ПАПЛАЎСКАЯ


 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы