№ 198 (290) 11 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Рагнед МАЛАХОЎСКІ: Шлях да цябе
Рагнед Малахоўскі — паэт, музыкант. Аўтар зборніка вершаў «Беражніца». Нарадзіўся ў 1984 годзе ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці (Расія). Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Жыве ў вёсцы Нарач.
Беражніца
Беражніца, багіня азёраў,
У прадонні густой цішы
Пахавай назаўсёды гора,
Зберажы скарб душы.
Беражніца, хімера паэта,
Наталіцца каханнем дай
І натхненне свайго сусвету
Для мяне адшукай.
Беражніца, дзяўчына зямная,
Не цурайся, прэч не бяжы.
Твая цнота душу апякае.
Маладосць зберажы.
Беражніца!
Румяны заранкі
Асляпляюць красой жывой…
Калі ў сэрцы
Сумненняў маланкі,
Вір жыцця супакой.
Беражніца, вадзіца святая,
Жыццядайная моц твая.
Калі хваля бяжыць залатая, —
Ачышчаюся я.
* * *
Заліта поле сонечным віном,
Хаваюцца
пабляклыя валошкі.
Камусьці шчасце грукаецца ў дом,
А хтосьці для сябе габлюе дошкі.
На босы дол вятрыска упадзе,
Калоссе і валошкі пералічыць.
Як людзі,
адлюструюцца ў вадзе
Разгатыя дубы на папялішчы.
Над возерам, акрытым цішынёй,
Стаіць, як здань, пакінутая хата.
Камусьці жыць
маркотнаю гульнёй,
А іншым пазіраць на лёс заўзята.
Развее вецер думак чараду,
Дзе мары, як віно, не маюць толку.
Аб чымсьці плача, гледзячы ў ваду,
Анёлак
На валошкавым узгорку.
Ласунак
Ласунак лепшы
Для мяне —
Кропелькі
Ажынавага соку,
Што марамі
Шчаслівага юнацтва
Коцяцца па тваім
Бурштынавым целе.
А свежы водар
Ранішняга сонца
Зачароўвае сціпласцю
І непаўторнай цеплынёй.
Пяшчота прамянёў
Пераліваецца
З кропелькі ў кропельку,
І лёгкая,
Дрыготкая хваля
Працінае цела.
Сусвет —
Перад вачыма,
А смак яго
Ў мяне на вуснах.
І сэрцы дрыжаць
У радасці
Ап’янелай асалоды —
Кропелькі
Ажынавага соку.
Шлях да цябе
Н. Н.
За кратамі касмічнай цішыні
Твой голас чысты і недасягальны.
У чорнай, некранутай вышыні
Я страціў да каханай шлях астральны.
Блукаючы і ў ноч, і ў ясны дзень,
Знікаючы ў жыцці, як думак кола,
Убачыў, як надзей маіх прамень
Высвечваў з цьмянай шэрані анёла.
А багна слоў
Засмоктвае мой свет.
Правал у бездань.
Шлях святла не мае…
А недзе,
Сярод тысячы планет,
Мігціць твая
Адзіная, жывая…
Мне вусны ценька горкі лёс кране
Засохлаю гартэнзіяй настрою,
Бо голас твой застаўся для мяне
За вечнасцю касмічнага спакою.
* * *
Мой чорны парасон —
Акраец ночы —
Растане ў навальнічным даляглядзе,
Настане час,
Якога не захочаш
Ты бачыць у маім нямым паглядзе.
Мой чорны парасон –
Крыло анёла,
Што здрадзіў на зямлі адвечнай веры.
Грымотаў бой.
На твары мёртвы сполах.
За мной адчайна зачыняеш дзверы…
Мой чорны парасон —
Мой паратунак.
Падорыць ноч
Нявыплаканы сон нам —
Апошні развітальны пацалунак.
Іду апошні раз пад парасонам…
Знясілены дождж
Знясілены дождж уладарыць
на цёплым асфальце.
Ён кроплямі лічыць хвіліны
да нашага шчасця.
Ён справу завершыць маю.
Я дажджу давяраю.
Жыццё — навальнічнае неба ад краю
да краю.
Не трэба тлумачыць, чаму нам
тужліва і змрочна.
У снах летаргічных заблытацца сёння
нам можна.
Парою дасветнай на скронях сівое планеты
Знікаюць у часе бязважкім
дажджынкі-манеты.
Знясілены дождж нібы просіць
у нас прабачэння,
Што ён валацуга, лянівы.
Ён стаў на калені.
Калі развінаюць нябёсы вільготныя крылы,
Нам дождж ахвяруе на шчасце
апошнія сілы.
* * *
Пластыка слова,
Пластыка цела...
Наша каханне знікаць не хацела
Ў гэтым нязносна вар’яцкім сусвеце.
Верыла ноч,
Што яе апраўдае дасвецце*.
Мы давяралі жыццё
Незямным летуценням.
Словы і рухі спяшаліся...
Да пабачэння!
Новыя промні святла
Даспяваюць санеты.
Стану над прорвай пачуццяў...
Каханая, дзе ты?
*З Рыгора Барадуліна.
* * *
На ўскрайку
Атлантычнага цыклону
Каханне выпрабоўвае свой лёс.
Я веру —
Мне з табою быць да скону.
Хлушу табе,
Што рэўнасць сон прынёс.
Дрымотны вечар
Гіне ў самалюбстве,
Жадае скінуць
Рэўнасці хамут.
Ты хлусіш мне,
Што час не замалюе
На твары недавер
І боль пакут.
Тваё непераможнае маўчанне —
Часцінка міратворнай цішыні.
Адкінем цяжар спрэчак
Да світання,
Запалім свечак чыстыя агні...
А заўтра,
Супакоеныя стомай,
Забудзем
Недавер сумніўных сноў...
На ўскрайку
Атлантычнага цыклону —
Імгненні непрадбачлівых высноў.
* * *
Глыток ахалоджанай колы
На плошчы Якуба Коласа...
Грукоча трамвайчык вясёлы —
Не чутна каханай голасу.
Не бачна каханай постаці,
Навокал народ спяшаецца.
Народ на адвечнай ростані
Пад лёсам сваім прагінаецца.
А хтосьці сядзіць на лавачках
І ловіць пырскі фантанныя.
Кропелькі ў сонечных зайчыках...
Дзе ты блукаеш, каханая?
Скрыжуюцца позіркі нашы
На плошчы Якуба Коласа,
Дзе сонечны
зайчык
вушасты
Блукае без мапы і компаса.
* * *
Я быў закаханы ў багіню пяшчоты
І верыў, што лета маё не міне,
Не змоўкнуць духоўнай мелодыі ноты
І ружа не звяне ў самотным акне...
Багіня пяшчоты —
Адчаю багіня —
Пакутным агнём апякла мне душу.
Калі мімалётнасць кахання загіне,
Нятленнага шчасця ў багоў папрашу.
Ды цені прытворныя
Нішчаць сумленне,
Чарнее аслеплай душы абярог.
Багіня адчаю —
Жыцця сутарэнне —
Спакусніца свету майго.
Забыцца ў пялёстках сузор’яў мы рады,
А сэрца тваё апусцела да дна.
Багіня жахлівай ганебнасці здрады —
Адна.
Расчараванне
Цалуюць шыбу
Клічнікі дажджу,
Пытальнікам
Скруціў лістоту вецер.
Найлепшы час
Прызнаць,
Што не жыву, —
Страшнейшае
Расчараванне ў свеце.
Тунэль з аскепкаў
Дзённай мітусні
Не выпусціць,
Пакуль не згасне вечар.
Удары сэрца
Прагнуць цішыні,
Калі жыццё
Марнуецца на вецер.
Трымценне зор —
На палатне акна,
Спакою кроплі
Змыюць думак смецце.
Ад безвыходнасці —
Глыток віна,
І не задасць пытанняў
Нудны вецер.
Памяць вады
Майму брату Дзянісу
Вада запамінае нашы словы,
Вада запамінае нашы рухі.
Прамыць бы ёю нашыя галовы,
Пазбыцца б разам тлумнай завірухі.
Вада гарыць
Пад райскім небасхілам.
Паміж табой і мной —
Душа вады.
Наш час
Непадуладны тайным сілам.
Яму карціць быць вечна маладым.
Вада раве, шалёна вар’яцее,
Хвалюецца раздольная прастора.
Імгненні лёсу —
Каляровы веер,
Што ў мітусні нязморанага мора.
Праз тысячы гадоў
Паўстане Памяць,
Дзе голасу імгненні прагучалі.
«Так прагнеш жыць,
Калі цябе чакаюць», —
Прамовяць непакорлівыя хвалі.
* * *
Далёкі бераг —
Паляўнічы нож —
Бязлітасна рассёк
Ваду і неба.
Барвовы вечар
Крочыць басанож,
І чайкі ўжо не кленчаць
Крошкі хлеба.
Пад ціхім небам
Стынуць ветракі.
Калышацца
Ў чароце нізкім човен.
Тысячагоддзі
Пад вадой звіняць замкі
На замку,
Што таемнасцямі поўны.
І песні беражніц
Не чутна ўжо,
Упала ніцма поўня
Сярод хваляў.
А колькі
Нема
З дна
Крычыць крыжоў,
Дзе хвалі
Столькі душаў пахавалі!
Калісьці прыйдзе
Шчасная пара
І зоркі
Ад жыцця адгоняць беды.
А над вадою —
Палымяная зара...
І толькі тут
Сустрэнуцца легенды




















Дата: аўт, 25/10/2011 - 18:17 #
Дата: сер, 26/10/2011 - 10:19 #
Дата: нядз, 30/10/2011 - 22:49 #
Дата: суб, 19/11/2011 - 13:49 #
Дата: пан, 21/11/2011 - 14:36 #
Дата: сер, 23/11/2011 - 14:39 #
Дата: суб, 26/11/2011 - 07:41 #
Дата: сер, 28/12/2011 - 06:15 #
Дата: аўт, 03/01/2012 - 05:46 #
Дата: суб, 18/02/2012 - 14:19 #
Дата: пан, 20/02/2012 - 08:28 #
Дата: сер, 22/02/2012 - 08:30 #
Дата: пан, 27/02/2012 - 17:02 #
Дата: аўт, 28/02/2012 - 22:35 #
Дата: суб, 03/03/2012 - 07:14 #
Дата: сер, 14/03/2012 - 20:14 #
Дата: сер, 21/03/2012 - 11:00 #
Дата: аўт, 27/03/2012 - 13:29 #
Дата: сер, 04/04/2012 - 05:43 #
Дата: пят, 06/04/2012 - 14:50 #
Дата: суб, 12/05/2012 - 06:58 #
Пакінуць новы каментар