№31 (207) 3 верасня 2010
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Віталь РЫЖКОЎ. Рабы зялёнай лямпы
Уводзіны ў карпаратыўную літаратуру
Задачы рубрыкі «Пятая калонка» — падрываць устоі беларускай літаратуры самым беспардонным чынам. Так, насуперак адваяванаму беллітам 20 год таму праву не фіксаваць сваю ўвагу на «класавасці», «партыйнасці» ды іншых выразна нелітаратурных надбудоўках, сёння мы пагаворым пра сацыялогію сучаснай паэзіі.
Адно з асноўных абвінавачванняў, якое высоўваюць нашым літаратарам чытачы — тусовачнасць. Маўляў, варацца ва ўласным саку, пішуць бязглуздзіцу, цікавую адно адному, а аб простым чалавеку і думаць забылі. І таму беларуская літаратура коціцца ў пекла, дзе ёй, уласна, самае месца. Уратаваць жа Паэзію зможа адно той, хто прыйдзе, дасць Новае Слова, свежы глыток — адкрые вочы на Жыццё і за гэта яму, чытачу, спадабаецца.
Стасункі Паэта з Чытачом (больш вядомыя як гарацыянская апазіцыя «Паэт — Натоўп») ува ўсе вякі існавання літаратуры былі складанымі. Амаль усе вялікія вершатворцы мінуўшчыны так ці іначай адстойвалі права быць на сваёй хвалі, варыцца ва ўласным саку, не бачыць свету за паэтычным ідэалам, хаўрусавацца з творцамі, блізкімі па духу, весці багемны лад жыцця. Добра тусовачнасць ці кепска — меркаваць не бяруся, магу канстатаваць толькі, што яна ў літаратуры заўжды існавала, існуе і існаваць будзе — гэта натуральны сацыялагічны фон ліпрацэсу (кожны мае права ўваходзіць у творчыя кампаніі і наадварот — абстрагавацца ад іх). І яшчэ магу перадаць уласнае адчуванне: для кармы яно лепей напісаць для сябе і сяброў, але з ахвотай, чым urbi et orbi, але на замову і няшчыра.
Паэт і слэмер Віталь Рыжкоў падумаў-падумаў і назваў пэўны від творчасці, які паўстае пасля асабістых кантактаў літаратараў, «карпаратыўнай літаратурай». Але мне здаецца, метафару можна разумець больш агульна. Бо актуальная літаратура той ці іншай краіны — гэта, па сутнасці, суіснаванне некалькіх творчых школ, груп, метадаў — і гэта, мне здаецца, вельмі станоўча, бо, як вядома з эканомікі, канкурэнцыя стымулюе, а манаполія прыводзіць да застою.
На гэтай старонцы — міні-эсэ Віталя Рыжкова, напісанае ім, дыпламаваным інжынерам з Магілёва, у духу курсавых яго альма-матэр. Даруем яму гэту слабасць. Таксама вы знойдзеце тут вершаваныя прыклады таго, што паэт ахрысціў «карпаратыўнай літаратурай»: вершы пра самалёты ствараліся ў літаратурных блогах як рэакцыя маладых паэтаў на рэпетыцыю мінскага параду ў ліпені 2009-га , два вершы пра машыну складаюць тройцу з друкаванай у “Дзеяслове” (№4-2009, с. 152) “Святой праўдай” Віталя Рыжкова і былі напісаныя пасля паэтычных прыгодаў у кіеўскім таксі ў маі 2008-га. Паехалі!
Марыя Мартысевіч
---------------------------------------------------------------------------------------------
Пачнем за супакой
Лема 1: Карпаратыўная літаратура — прыкмета загнівання літаратурнай тусоў
Карпарацыя — дастаткова закрытая арганізацыя, якая дзейнічае ў інтарэсах агульнай справы і сябраў карпарацыі; мае цэнтралізаванае кіраванне, вольнае размеркаванне акцый унутры сябе і г.д. Такім чынам, карпаратыўная літаратура — гэта такі сабе некамерцыйны прафсаюз, аб’яднанне («corporatio») літаратараў, гатовых працаваць не толькі на сябе і літаратуру, але і раз-пораз на сваіх паплечнікаў па цэху.
Па-першае, эфектыўнасць карпаратыўнай літаратуры варта і неабходна ставіць пад сумнеў: суполкі літаратараў пакідаюць, паводле фобій, у гісторыі літаратуры адно, максімум два гучных імені. Астатнія сябры карпарацыі кладуцца ў падмурак яе існавання касцьмі інтрыг і самаахвярнай цэглай — ці варта апошнім увогуле ўцягвацца у карпаратыўную літаратуру? Суполка, чыя літаратурная дзейнасць пачынаецца і заканчваецца сама ў сабе, згодна з тымі ж фобіямі, загнівае і перастае цікавіць каго-кольвек у прынцыпе, таму вынік гэтага — альбо ўратавальны самароспуск, альбо агульны рытуальны скок у нябыт (паратункам можа стаць перыядычнае ўліванне свежай крыві новых літаратурных талентаў, нават з ліку канкурэнтых карпарацый). Па-другое, ненавязлівае ўплятанне пэўных прозвішчаў у тканіну мастацкага твору (шляхам прысвячэння (адкуль мы ведаем літоўскага паэта Томаса Венцлаву?), альбо наўпрост згадкай («комната — глава в кручёныховском аде» — Маякоўскі) у радку твора) — гэта просты фокус, які стварае ілюзію натуральнай прысутнасці згаданага літаратара ў сучаснай літаратурнай прасторы, фокус, празрысты да ванітаў; запазычанне літаратурных тэм у паплечнікаў запавольвае творчы пошук асобы.
«Сумнеў адно пераможа у гэтай бойцы» (Гага Нахуцрышвілі).
Вынік з лемы 1: карпаратыўная літаратура must die.
Скончым за здароўе
Лема 2: Карпаратыўная літаратура — яшчэ адзін дынамічны метад раскрыцця творчых задач, які пры правільным карыстанні спрыяе развіццю літаратуры і яе самаспазнанню.
Літаратура аб’яднанняў ці аб’яднаная літаратура? Нас цікавіць не традыцыя абмяркоўваць творы адно аднога на сходах літаб’яднанняў, а менавіта літаратура аб’яднаная — карпаратыўная.
Чым ёсьць карпаратыўны літаратурны твор? У пэўным сэнсе гэта прыём, творчы метад і род суаўтарства, пры якім сябры карпарацыі не проста згадваюць адно аднога ў сваіх творах (нават такі піяр надзвычай хутка надакучвае), але ствараюць літпрадукт, цікавы і калі разглядаць яго асобна, і ў супастаўленьні з іншымі творамі аб’яднання на гэтую ж тэму. Дадаем: скразную тэму. Пры гэтым карпаратыўная літаратура — не суаўтарства: павінны існаваць асобныя, скончаныя літаратурныя творы розных аўтараў.
Карпаратыўная літаратура дазваляе за кароткі час раскрыць тэму творчымі сродкамі адразу некалькіх аўтараў літаратурнай карпарацыі.
Карпаратыўная літаратура — літаратурны аналаг навязлых на зубах «Году здароўя», «Году сям’і» і г.д. з комплексам творчых мер, разнастайнасцю падыходаў і методык, скіраваны на ўмацаванне тэмы ў вечнасці і ў свядомасці (чытацкіх) масаў. Альбо пародыя на ўсё гэта.
Вынік з лемы 2: карпаратыўная літаратура? Ды хай пакуль будзе...
ВЕРШЫ ПРА САМАЛЁТЫ
Віталь Рыжкоў
:)
Паша Касцюкевіч у дзяцінстве
думаў, што самалёты
маюць чароўнае паліва —
якое з аблокаў,
а я
проста падскокваў высока,
крычаў «Самалёёёёт!»
і хацеў паляцець услед.
Касцюкевіч —
цяпер празаік,
а я — паэт.
Андрэй Адамовіч
У дзяцінстве,
калі я бачыў самалёт,
я збіраў усіх у кола, казаў:
— Браты, ён паляцеў ня ў той бок!
Дык чаму я цяпер не прарок?
Марыя Мартысевіч
У дзяцінстве,
калі я бачыла самалёт,
я вельмі хутка
адводзіла вочы долу
і глядзелася ў шыбы машынаў,
каб спраўдзіць,
ці ў парадку фрызура.
Я знаю, я дура.
Ганна Янкута
А я ў дзяцінстве хацела зрабіцца хірургам...
Але калі бачыла ў небе самалёта след,
То ўяўляла, як мчаць па арбітах сотні чужых неадкрытых планет,
А лётчык у свой тэлескоп іх сузірае,
І можа, аднойчы ён дабярэцца да раю...
Кім бы зрабіцца цяпер? Хіба дэміургам...
Аляксей Стрэльнікаў
у дзіцячым садку самалёты ў небе былі двух гатункаў
адны ляцелі высока і пакідалі рыску
другія ляцелі нізка
ад гулу не было паратунку.
не было паратунку ад радасці
што жыццё ё таксама на небе
мы вярталіся ў свой пакой, дзе нам усміхаўся ленін,
жыццё падавалася вартай штукай. хацелася вырасці.
ВЕРШЫ ПРА МАШЫНУ
Андрэй Адамовіч
Аб прызначэнні кіеўскага неба
Мяне накрыла. Чорным Кіеўскім Небам.
Добра сядзелі яшчэ ў машыне!
Добра ззялі нам агні вялікага гораду.
Я глядзеў і не бачыў святла між імі.
Настаўнік казаў:
«Вось цемрадзь агнёў.
Здзіўляюць мяне дзве рэчы:
Нікчэмнасць у вашых сэрцах,
І ззянне мільёна такіх жа на Небасхіле!»
І вось раптам,
Нібы Нябесны макшнайдар,
Паказаў шахторам рукою,
Дзе ў вуголлі ночы грызці танэлі,
З’явіліся ў Небе промні –
Гэта клуб запрашаў клубіцца.
Настаўнік казаў:
«Вось бачыце гэтыя промні.
Гэта Нябесны цыркуль
Па цемрадзі вашых душаў
Малюе мандалы прасвятлення.
І яму патрэбна нерухомае месца,
Астралябія натхнення,
Кропка спакою.
Сама яна можа быць чорнай,
Маленькаю і сляпою
І, нават, можа быць злою.
Але яна частка сістэмы,
А вашыя свечы ў жбане –
Проста свечы ў жбане!»
Я слухаў настаўніка, сам жа
Гібеў у агні натхнення,
І мне было вельмі смешна ад асалоды быту.
Мяне накрыла. Чорным Кіеўскім Небам.
Мяне ляпіла. Жыццё, як яно хацела.
Мне было так балюча. Ад асалоды быту.
Несла мяне. Наш «Volvo» ляцеў па трасе
злым, маўклівым анёлам.
Марыя Мартысевіч
Пастанова
З 1 ліпеня ў кожным му-ні-цы-па-лі-тэ-це
павінны ляжаць пералік правоў Паэзіі ў свеце:
- зрабіць кар’еру ад вясковага дурня да гарадскога вар’ята;
- колькі разоў мацюкнуцца і трапіць за гэта за краты;
- (на выбар) не быць зразумелай / быць глупаватай;
- гандляваць натхненнем;
- натхняцца любою Музай;
- схіляцца аднолькава перад крыжом, паўмесяцам і мезузай;
- нават у планетарый хадзіць са сваімі зорамі;
- пры кожнай зручнай нагодзе прысягаць над разорамі;
- не сядзець на месцы й, мяняючы гарады, хапаць кіроўцу за рукі, калі той вязе не туды, - хай гэта й створыць аварыйную абстаноўку на трасе, хай і будуць пляткарыць потым, што Паэзія напілася.




















Пакінуць новы каментар