/ Аксана ДАНІЛЬЧЫК: Ад радка да радка

/ Аксана ДАНІЛЬЧЫК: Ад радка да радка

* * *
заблытаная і закутаная
ў дзесятак коўдраў
нагадваю сабе вусеня
што чакае Ператварэння

дзе маё неба

заблытаная і закутаная ў дзесятак дарог
не магу знайсці тую нітку
што пакажа напрамак

дзе маё неба 

адно бязлітасныя кроплі за акном
і мокры снег што робіцца дажджом
і Вільня падчаркай без парасона
хаваецца каля дзвярэй замкнёных

дзе маё неба

заблытаная і закутаная
ў дзесятак коўдраў
бачу пырскі з-пад шасі і асфальт
што набрыньвае сонцам
і адлегласць ад крыла да крыла
і выспу ў Балтыйскім моры
што рыхтуе для мяне тры параходы
што рыхтуе для мяне тры самалёты
DESTINATION >> GOTLAND

дзе маё неба

* * *
жывёлы выпаўзаюць з мёртвых нораў
раскідаюць струхлелыя карчы
і выходзяць на лясныя сцяжыны
а пасля ручаямі плывуць да гарадоў
дзе прымаюць чалавечае аблічча
і пачынаюць шукаць свае пары

яны шукаюць іх
у рэстаранах з любімымі назвамі
вавёрка сокал паляўнічы
у начных клубах
дзе назвы ўжо не маюць значэння
пад дахамі мастоў і на паркавых
магістралях
калі таньчаць начныя ліхтары
і немагчыма адрозніць чалавечых вачэй
ад звярыных
зрэнкі робяцца вузкімі  
а бляск імгненна мяняе адценне
жоўты-чырвоны-памаранчавы

стоп

і нібыта адна кроў перацякае ў другую
і выходзяць на свет адноўленыя істоты
у чыіх душах хаваюцца
вавёрка сокал паляўнічы
гукаюць на розныя галасы
разыходзяцца па зямлі
уздымаюцца ў неба
а на світанку заціхаюць
у паставе гатоўнасці нумар адзін

вясна

* * *
заход праступае праз чорныя дрэвы
ні крыку ні цішыні
на барыкадах дамоў
ультрамарынава жоўты захад
не вызначаюць адказаў
ні рукі ні крылы ні дні
мы адыходзім раптоўна вось так і адразу
на дальнабачнай
бяспечнай адлегласці
больш не чуваць
словаў усмешак сумненняў вачэй
і расстанняў 
нас не заўважыць
не вызначыць і не спаткаць
мы адышлі
цераз вузкую шчыліну рання
тое жыццё назавецца мінулым жыццём
тыя далоні месцам сустрэчы сусветаў
стануць напэўна
мы ў сэрцах адзін аднаго прарасцём
нават калі
не пабачымся болей
а нашыя думкі пачуцці і
сэнс існавання
адыдуць у Лету

* * *
ты будзеш глядзець
вачыма лемура
ты нават не адчуеш
і не здрыганешся
ад таго
што тэхнічныя рукі
перабіраюць звіліны тваёй галавы
гэтую направа
а тую налева

калі за працай
маніпулятар
свет не адразу мяняе
сваю структуру
свет пачынае здзіўляць
сваёй неадэкватнасцю паступова

калі за працай
маніпулятар
і сэрца не адразу мяняе
сваю структуру
сэрца здзіўляе болем
неадэкватным яго паходжанню

а ты
спрабуеш знайсці
прычыну неадпаведнасці
ў сваёй свядомасці і ў сваім сэрцы
але дарэмна
прычына не там

гэта маніпулятар
сціскае тваю асабістую прастору
гэта ён з цябе высмоктвае пачуцці
быццам нафту з нетраў зямлі
але рана ці позна ён адчуе поўную бяспеку
і вось тады
ты зможаш шчыльна прычыніць дзверы
так шчыльна
што пачуецца хруст тэхнічных пальцаў
а потым доўгі і нудны плач

плач маніпулятара

* * *
адбіткі ў зрэнках правільных прапорцый апорных ліній і фігур геаметрычных ёсць люстраное шкло а там дзе неба аблокаў ланцугі і прагматычны парадак дзён і рух усталяваны што толькі забыццё прымусіць збочыць так позна позна і так рана рана твае ўзнікаюць і знікаюць вочы а камеры фіксуюць падабенства тваіх вачэй з калодзезнай вадою і птушак крыкі ранкам птушак крыкі нібыта позняй восеньскай парою я засынаю а дажджы і вецер ганяюць зграі птушак над дварамі такое лета тут такое лета нібыта землятрус або цунамі вось-вось абрынуцца на горад гэты і абу­джэнне больш не будзе непазбежным
ўзаемна сумным і ўзаемна незалежным

* * *
вада запаўняе сабою пустыя формы адтуліны падземныя пераходы метро выцясняючы паветра і як жа дыхаць у затопленым горадзе і машыны нібы балонікі нібы каляровыя апалонікі штурхаюцца адна аб адну разыходзяцца ізноў сыходзяцца сплываюць па вулках уніз да былой ракі а людзі нібы маякі стаяць сярод воднай стыхіі на ўзвышэннях баяцца загінуць баяцца з месца скрануцца і ў вадзе апынуцца

калісьці мы ўсе былі рыбамі
у цёплыя летнія ночы
мы падымаліся на паверхню акіяна
і разглядалі зоркі
яшчэ не было караблёў
яшчэ нічога не было
толькі акіян і зоркі
магчыма не было нават лета
калісьці мы ўсе былі рыбамі
перад тым як нарадзіцца   
толькі ў нас ужо не было акіяна

недзе ў глыбінях падсвядомасці мільгаюць срэбныя стужкі малькоў якія рухаюцца з аднаго краю зямлі да другога па зададзенаму прыродай шляху
прыціскаюся да цябе і не адчуваю ні зямлі ні свайго цела ні твайго цела
плыву

* * *

у сюррэалістычным лесе дрэвы злучаюць не зямлю і неба а ваду і неба хто ведае ці ўвогуле іх карэнне дакранаецца да зямлі яны таньчаць па воднай павехні і рухаюцца то ўправа то ўлева ледзь заўважна слізгаючы і ствараючы легкія хвалі што адразу ж знікаюць...
у сюррэалістычным лесе мноства паралельных цягнуцца ў прастору каб сысціся ў адзінай кропцы ім не хапае даўжыні але іх скіраванасць не выклікае сумнення...
такія ціхія воплескі вады... такія рэдкія крыкі птушак... паступова іх дзюбы праб’юць тонкую тканку твайго ўяўляння і ты амаль не заўважыш як зялёная роўнядзь вакол цябе задрыжыць а дрэвы зробяцца змеямі  падплывуць табе пад ногі скруцяцца і лягуць на жоўтае лісце берага на вільготны імшанік а ты будзеш стаяць у нерашучасці баяцца ці не...
не трэба
гэта сон лёгкі як смерць ад опіума
а потым зноў свет набудзе сваю першапачатковую будову свой статус кво
ты будзеш выходзіць з лесу а ён нахіліцца над табою абдыме цябе правядзе пяшчотным языком па шыі за вухам і прашэпча
вяртайся

* * *

жанчына сама сабе не толькі маці
яна сама сабе яшчэ бабуля і дачка
яна сама сабе расказвае казкі
і вышывае сурвэткі на свята
які яшчэ падарунак можа зрабіць дзяўчынка?
яна расказвае аб сваёй прыгажосці
і пра тое як дасягаецца поспех
калі неабходна яна спыніць свет

жанчына сама сабе не толькі маці
яна сама сабе ахова і надзея
сама сабе біржа і фінансавы інструмент
лакаматыў за якім — тысячы
вобраз і яго ўвасабленне
мастак і муза
рукі ўзнятыя ў неба і крык пераможцы
жанчына сама сабе любоў

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы