/ На шалях дыялога

/ На шалях дыялога

Тэрміны “дыялог”, “лібералізацыя”, здаецца, прыжыліся не толькі на старонках незалежных, але і дзяржаўных СМІ. Больш таго, яны ўсё лягчэй і часцей зрываюцца з вуснаў чыноўнага люду, прычым не толькі высокапастаўленага. Пакаціліся яшчэ крамольныя слоўцы і ўніз па прыступках вертыкалі.

Але што за словамі? Працэс пайшоў? Ці славесным звонам усё і абмяжуецца? Ці ў тым і разлік, каб напусціць туману і звесці на нішто, дыскрэдытаваць сапраўдны сэнс і змест рэформ, азначаных гэтымі тэрмінамі. Узгадваецца адпаведны бліскучы ход бюракратыі часоў перабудовы, калі ёй удалося зганьбіць у масавай свядомасці тэрміны “дэмакратыя” і “дэмакратызацыя”, падмяніўшы іх на (у рускім вымаўленні) “дерьмократию” і “дерьмократизацию”. Што ў немалой ступені дапамагло ёй павярнуць працэс.

І, падаецца, не выпадкова тэрмін “дэмакратызацыя”, які, здавалася б, лагічна напрошваецца ў тандэм да слова “лібералізацыя”, чамусьці ўпарта абмінаецца ўладнай бюракратыяй. Ці не таму, што той фокус ужо разгаданы і людзі ўжо добра ўсведамляюць, чым насамрэч з’яўляецца сучасны рэжым, абвешчаны вядомай асобай найлепшай дэмакратыяй у свеце.

Але бог з ёю — тэрміналогіяй. Неверагодныя здольнасці дыктатур да перахопу і выхалошчвання чужых лозунгаў — асаблівасць не толькі беларускай бюракратыі. Галоўнае — што за словамі, як суадносяцца паміж сабой рэальныя тэндэнцыі развіцця дыялога. На карысць сапраўдных перамен ці іх імітацыі і адкату назад?

На дыялог з Захадам, што відавочна ўжо ўсім, улады пайшлі вымушана. Пад ціскам пераважна знешніх фактараў, абумоўленых найперш зменай эканамічнай кан’юнктуры. Прычым у нечаканым для іх спалучэнні — як з Захаду, так і з Усходу. І ў звязцы з абсалютна для іх непрымальнымі патрабаваннямі (з боку Захаду) аб правядзенні дэмакратычных рэформ.

Тым больш, што эканамічны крызіс, адступленне да дыялога выявілі з відавочнасцю і ўнутраныя слабасці, агульную адсталасць, архаізм беларускай мадэлі. Не толькі эканамічнай, але і палітычнай.

Аўтарытарны рэжым не мае права на слабіну. Між тым як уся сітуацыя аказалася непрадбачанай для архітэктараў дадзенай мадэлі. Падкрэсліваю, менавіта архітэктараў, бо гэта мадэль не ёсць вынік творчасці аднаго чалавека, а вынік свядомых намаганняў і вымушаных хадоў менавіта савецкага вырабу кіроўнага класа па ўтрыманню ўлады ў сваіх руках. Новы лідэр — вымушаная неабходнасць. А вось рэферэндум па адмене абмежавання тэрміну абрання адной асобы на пасаду прэзідэнта знаменаваў сабой якраз упэўненасць як новага лідэра, так і абноўленай уладнай бюракратыі ў сваёй поўнай і беззваротнай перамозе, уладкаванні калі не навечна, то надоўга.

Да нечаканай змены сітуацыі і лідэр, і ўся яго ўладная вертыкаль падрыхтаваны не былі і мусілі зноў прыстасоўвацца, лавіраваць і шукаць выратавальныя хады. Дыялог для іх стаўся выклікам і пагрозай, якія, аднак, немагчыма было адрынуць. І беларускай бюракратыі нічога іншага не заставалася, як паспрабаваць ператварыць дыялог у інструмент самаабароны, каб выйграць час, атрымаць крэдыты і з іх дапамогай перачакаць цяжкасці і ўратавацца не проста з найменшымі стратамі для сябе, але і з выхадам на новыя магчымасці, новы лад жыцця — адкрыта, легальна багатых людзей. Адпаведна сваім пасадам і багаццю.

Мяжа перамен вызначана дакладна: эканамічная лібералізацыя пры мінімальных палітычных пераменах. Але… З глыбока захаванай гатоўнасцю бюракратычнай і знітаванай з ёю бізнесэліты на замену лідэра — на свайго. І з прыхаванай жа барацьбой унутраных груповак за паўнату ўлады. “Галубы” могуць пайсці і на мінімальную лібералізацыю выбарчага заканадаўства, якая б, аднак, гарантавала ім камандныя пазіцыі. Мадэль так званай “кіруемай дэмакратыі” ім бы падышла.

У пэўнай ступені вымушаным быў дыялог і для Захаду, з-за нечаканай устойлівасці беларускага рэжыму да знешняй ізаляцыі і палітычнага ціску (дзякуючы казачным эканамічным прэферэнцыям з боку Расіі). У дыялогу яны ўбачылі інструмент, якім можа падштурхнуць Беларусь да эканамічных рэформ, якія, у сваю чаргу, запатрабуюць і пэўных перамен палітычнай сістэмы. Патрабаванні дэмакратызацыі да афіцыйнага Мінска Еўрасаюз і ЗША са свайго блоку ўмоў пакуль не выключылі. Што яшчэ раз пацвердзіў міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмайер падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. “Правядзенне далейшых дэмакратычных рэформ, — падкрэсліў Штайнмайер, — застаецца перадумовай для новага пачатку ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам і для поўнай адмены санкцый”.

Пытанне, аднак, у тым, наколькі сябры Еўрасаюза будуць паслядоўныя і адзінадушныя ў гэтых патрабаваннях.

Пакуль што, калі супаставіць канкрэтны змест і крокі дыялога, агульны яго вынік выглядае на карысць беларускіх улад. Але шалі гойдаюцца, працэс у развіцці.

Мал. Слуп у клетку. Студэнцкая работа

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com