/ Усім сёстрам — завушніцы

/ Усім сёстрам — завушніцы

Больш за два тыдні беларускія заўзятары не спалі па начах. Усе сачылі за Алімпіядай у Ванкуверы. Усе перажывалі за сваіх улюбёных спартоўцаў.

Уначы 28 лютага Алімпіяда завяршылася.

На XXI зімовых Алімпійскіх гульнях, дзе выступіла больш за 2600 спартсменаў, было разыграна 86 камплектаў узнагарод, якія дасталіся прадстаўнікам 26 з 82 краін, якія ўдзельнічалі. У неафіцыйным медальным заліку першае месца занялі гаспадары — 14 залатых, 7 сярэбраных і 5 бронзавых узнагарод. Па колькасці медалёў першынствавалі ЗША — 37 (9, 15, 13). Канада ўстанавіла новы рэкорд па колькасці залатых медалёў, заваяваных адной краінай на адной зімовай Алімпіядзе, ЗША — па агульнай колькасці узнагарод.

Беларусь з трыма медалямі (1, 1, 1) заняла 17-е месца па якасці медалёў (разам са Славакіяй) і 18-е па колькасці (з Аўстраліяй, Славакіяй, Славеніяй і Харватыяй). Прадстаўнік нашай краіны ўпершыню заваяваў залаты медаль зімовай Алімпіяды (Аляксей Грышын, фрыстайл). Таксама ўпершыню Беларусь заваявала больш за дзве ўзнагароды на адных зімовых Алімпійскіх гульнях.

Але не колькасцю ўзнагарод запомніцца беларускім заўзятарам гэта Алімпіяда. Хутчэй за ўсё, яна запомніцца не вельмі адэкватнымі паводзінамі трэнера беларускай зборнай па хакеі Міхаіла Захарава.

Нагадаем, нягледзячы на тое, што каманда Захарава не выканала мінімальнай задачы — выхаду ў чвэрцьфінал, ён палічыў выступ зборнай задавальняючым. І абрынуўся са зневажальнымі словамі на супернікаў. «Мы зрабілі немагчымае за тыя некалькі дзён, што працавалі разам. Да хлопцаў у мяне прэтэнзій няма ніякіх. Усе свае шайбы мы закінулі ў контратаках. Ніхто столькі не забіў, колькі мы. Усе ў шоку ад нашай гульні, ад яе прыгажосці. Усе мне пра гэта гавораць. Спытайце любога трэнера канадскага ці яшчэ каго. Ніводны з іх не сказаў, што мы дрэнна гуляем. Бенгт-Оке Густафсан (трэнер зборнай Швецыі) мяне пяць разоў павіншаваў», — заявіў Захараў.

«На Алімпіядзе хварэю толькі за Расію. Я сам адтуль (Захараў нарадзіўся ў 1962 годзе ў горадзе Усць-Каменагорск (Казахстан), гуляў у свой час за зборную СССР). Трэба ўсім дака­заць, што наш хакей самы найлепшы ў свеце. Усе расійскія трэнеры — мае сябры. Расія нам заўсёды дапамагае ў футболе. А ў канадцаў зусім не працуе галава, у іх мазгоў не хапае. Яны нават каляндар не змаглі нармальна скласці», — заявіў Захараў.

Такія неспартовыя выказванні выклікалі шмат абурэння ў аматараў хакею. Трэнер нацыянальнай зборнай прызнаецца, што хварэе за верагоднага суперніка! Трэнер беларускай зборнай абражае каманду арганізатараў Алімпіяды! Ніколі такога не было ў гісторыі беларускага хакея.

Не будзем зараз спрачацца пра падрыхтоўку зборнай краіны, дзе лядовых палацаў за апошнія гады пабудавана ці не больш, чым супермаркетаў. Хутчэй, трэба задумацца, навошта ў Крымінальным кодэксе існуе артыкул за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

Калі не крыміналка, то пакаранне заўзятараў хакею Захарава дастане. Шэраг хакейных фанацкіх клубаў ужо абвясцілі пра пачатак кампаніі байкоту Захарава. У сувязі з нездавальняючым выступам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі на Алімпіядзе ў Ванкуверы спартовая грамадскасць абвясціла кампанію недаверу галоўнаму трэнеру Міхаілу Захараву. У адмысловай заяве гаворыцца, што менавіта пры Захараве склалася заганная сістэма, калі ў галоўнай камандзе гуляюць «блатныя», а тыя, хто насамрэч заслужыў гэта сваёй гульнёй, з асноўнага складу выціскаюцца.

Ініцыятары «імпічменту» нагадваюць, што адзіная перамога падчас Алімпіяды была здабытая ў гульні са зборнай Германіі, якая прадстаўляе зборную ніжэйшага дывізіёну «В», тым часам як камандам Швецыі і Фінляндыі беларусы прайгралі па ўсім. Выхаванцы Захарава ў 1/8 фіналу ў серыі булітаў прайгралі не самым моцным швейцарцам. У звароце гаворыцца, што сам факт знаходжання Захарава на пасадзе трэнера нацыянальнай зборнай уносіць раскол у шэрагі заўзятараў, абсалютная большасць якіх, згодна з апытаннямі, лічаць адстаўку неабходным крокам дзеля ўратавання беларускага хакею.

Бадай, гэта і застанецца ў памяці заўзятараў беларускага спорту.

Атрымалі па шапцы на тыдні і стваральнікі беларускай АЭС. Абурэннем, усеагульнай збянтэжанасцю і бязладнымі дыскусіямі на павышаных тонах завяршыліся 2 сакавіка амаль пяцігадзінныя грамадскія слуханні ў Вільнюскім універсітэце, прысвечаныя ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай беларускай АЭС.

Многія ўдзельнікі раней пакінулі аўдыторыю з прычыны нізкага ўзроўню перакладу, арганізаванага беларускім пасольствам.

«У выпадку, не дай Бог, аварыі, у нас будзе знішчана сталіца, тэрыторыя краіны забруджана на 80 працэнтаў. Чаму нічога гэтага няма ў справаздачы? Гэта ж генацыд літоўскага народа!» — заявіла намеснік старшыні камісіі развіцця Вільнюскага гарадскога савета і прадстаўнік некалькіх грамадскіх арганізацый Раса Навіцкене. «Чаму нам кажуць, што няма наогул ніякай небяспекі? Гэта такое стаўленне да літоўскага народа, што мы такія неадукаваныя і нічога не разумеем? Буду рабіць усё магчымае, каб Літва не ўхваліла такую справаздачу АУНА», — сказала Навіцкене.

З ёй пагадзіўся старшыня экалагічнага таварыства «Атгая» Саўлюс Пікшрыс: «Я падрыхтаваў шмат пытанняў, але па вопыце эксплуатацыі Інгналінскай АЭС убачыў, што няма сэнсу іх задаваць. Тое, што тут казалі, выклікае папросту смех — шмат стройных і працяглых прамоў ні аб чым, на канкрэтныя пытанні адказ дадзены не быў. Слуханне АУНА нельга прызнаць сапраўдным». Падчас імправізаванага галасавання, да абурэння беларускага пасла Уладзіміра Дражына, заява была ўхвалена падняццем рук большасці прысутных у зале. «Па якому праву вы праводзіце галасаванне? Мы яшчэ не прымаем рашэння», — сказаў Дражын. «А мы, сход, ужо прынялі», — заявіла Навіцкене.

Зразумела ж, гэта не грамадскія слуханні ў Астраўцы, дзе можна заарыштаваць усіх нязгодных і пасадзіць іх у кутузку. Там — свабода выказванняў. І наўрад ці такая свабода будзе гучаць суцэльным «адабрамсам».

Зараз літоўская грамадскасць павінна да канца месяца накіраваць сваю рэакцыю ў Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя краіны. З улікам гэтых пажаданняў Літва сфарміруе пазіцыю па будаўніцтве Беларуссю АЭС, але правам вета яна, як любая замежная дзяржава, не валодае. Але ж падобныя слуханні павінны прайсці ў іншых краінах — суседзях Беларусі: Латвіі, Польшчы, Украіне, Расіі… І наўрад ці слуханні, прынамсі, у Латвіі, Польшчы і Украіне дадуць іншы вынік. У іх таксама свабода слова і галоснасць.

 #
Нешта не зразумеў, навошта ў артыкуле частка пра АЭС. У лідзе і загалоўку пра гэта не гаворыцца - толькі спорт нібыта. Ці тут думка аўтара схавана пра тое, што Захар такі ж небясьпечны як АЭС і такі ж неадэкватны, як тыя хто яе плянуюць пабудаваць? ;)
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com