/ Суверэнітэт — гэта каштоўнасць!

/ Суверэнітэт — гэта каштоўнасць!

На гэтым тыдні Беларусь адзначыла 19-годдзе прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце. Менавіта з гэтага дакумента пачалося будаўніцтва сучаснай беларускай дзяржавы. Як яе адбудоўваюць — іншае пытанне. Галоўнае ж, што гэта сваё. Наша.

(Здымак з: www.buntby.com)

Пра прыняцце дэкларацыі аб суверэнітэце шмат пісалі. Але найбольш усіх здзівіў, як звычайна, Аляксандр Лукашэнка. Такога ад яго не чакаў, здаецца, ніхто. Беларусі неабходна своечасова заняць сваё месца ў новым сусветным парадку, "даказаць не толькі жаданне і права быць незалежнай дзяржавай, але і, што значна складаней, сваю здольнасць быць такой", — заявіў Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх замежных устаноў. Якасць беларускай знешняй палітыкі за апошнія гады сапраўды змянілася, зазначыў Лукашэнка. Яна "перастала быць аднамернай, стала па-сапраўднаму шматвектарнай і дынамічнай". "І гэта не паварот на Захад, Поўдзень або Усход. Гэта — рух наперад", — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь уваходзіць ва “Усходняе партнёрства” не прасіцелем, а раўнапраўным удзельнікам. Ступень прысутнасці Беларусі ў гэтай праграме будзе вызначацца выключна зыходзячы з уласных нацыянальных інтарэсаў, "ні ў якім разе не з падзякі, што нас туды паклікалі".

Нарэшце, дачакаліся! За ўсімі праектамі па стварэнню нейкай Саюзнай дзяржавы, удзелу ў вайсковых блоках кшталту АДКБ, стварэнні нейкіх калектыўных сілаў хуткага рэагавання прэзідэнт Беларусі заявіў пра незалежнасць краіны, пра яе здольнасць быць незалежнай. Карацей, прызнаў незалежнасць як галоўную каштоўнасць краіны. Ён заявіў пра тое, што Беларусь праводзіла, і будзе працягваць праводзіць незалежную палітыку.

Здаецца, каштоўнасць суверэнітэту і незалежнасці да яго ўсё ж дайшлі. Пазнавата, праўда, але лепш позна, чым ніколі.

Больш за тое, столькі кампліментаў, якіх нагаварыў Лукашэнка Еўрасаюзу і Злучаным Штатам Амерыкі, з яго вуснаў ніхто не чуў, пэўна, за ўсе гады прэзідэнцтва. Ён адзначыў, што і ў Еўрасаюза, і ў ЗША з’явілася разуменне магчымасці ісці да адной мэты рознымі шляхамі. А такія моцныя краіны, як Германія, Італія, Францыя, "сталі сапраўднымі магутнымі лакаматывамі па ўцягванні Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы". "Мы за гэта ўдзячныя, разумеючы, чаго ім каштавала першымі кінуць выклік стэрэатыпам і перадузятасцям у адносінах да нашай дзяржавы, сфармаваным у гады ізаляцыі", — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што беларускі бок гатовы адказаць самым цесным узаемным супрацоўніцтвам.

Паводле яго слоў, новая адміністрацыя ЗША "ўсімі сваімі дзеяннямі дэманструе нацэленасць на больш адказную ролю ў зменлівым свеце”. "Ідзе пераасэнсаванне месца і значэння ЗША ў сістэме міжнародных адносін. Спадзяюся, гэты працэс закране ў пазітыўным рэчышчы і Беларусь", — заявіў Лукашэнка.

Ён назваў Беларусь надзейным партнёрам ЗША ў барацьбе з міжнароднай злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў, гандлем людзьмі, эфектыўным звяном арганізацыі рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі. "Мы падзяляем прынцыпы міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі і гатовыя да яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва па пытаннях экспартнага кантролю і барацьбы з тэрарызмам. Мы прапаноўваем Злучаным Штатам прадметны і канструктыўны дыялог па ўсім коле актуальных пытанняў і першымі гатовы працягнуць руку дапамогі для аднаўлення клімату паразумення і даверу", — сказаў Лукашэнка.

Выява з: marzec2006.livejournal.com


Ці нешта беларускага кіраўніка прыціснула? Ці, можа, заўтра мы прачнемся ў іншай краіне? Тым больш, што ў прэсе з’явіліся цалкам сенсацыйныя чуткі. Так, па звестках з неафіцыйных крыніц, якія надрукавала інтэрнэт-газета "Салідарнасць", Аляксандр Рыгоравіч БЯРЭ ЎРОКІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ! І не выключана, што напярэдадні новых прэзідэнцкіх выбарах мы пабачым цалкам новага, беларускамоўнага прэзідэнта! Хай і прозвішча ў яго будзе тое ж самае.

Дарэчы, і новы міністр культуры Павел Латушка заявіў, што асабіста для яго "беларуская мова з’яўляецца прыярытэтнай". "У асноўным у Міністэрстве культуры мы будзем весці справаводства на беларускай мове і, такім чынам, пастараемся падаваць прыклад астатнім міністэрствам і ведамствам", — сказаў Латушка. А міністэрства адукацыі плануе пашырыць спіс установаў з адукацыяй на беларускай мове.

Вось дзе зараз раздолле для Таварыства беларускай мовы! Трэба браць чынавенства за каўнер, і трэсці, трэсці, трэсці: "Дзе абяцанае, шаноўнае спадарства?" Можна нават адкрываць адмысловыя курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў для школ. А можа, такім чынам мы і да беларускамоўнага ВНУ дойдзем?

Добрыя навіны і ў нашай эканоміцы. У рабоце айчыннай прамысловасці наступіла стабілізацыя. Пра гэта на пасяджэнні Савета міністраў 28 ліпеня заявіў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Падводзячы вынікі работы прамысловасці за шэсць месяцаў, ён адзначыў, што ў большасці галін "намецілася стабілізацыя, спынілася падзенне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці". Паводле слоў Сямашкі, за першае паўгоддзе створаны рэальныя перадумовы для пераходу ў якасна новы стан.

Намечана, што да канца 2009 года прадпрыемствы павінны выйсці на леташні ўзровень аб’ёмаў прамысловай вытворчасці. "Аб’ём прамысловай вытворчасці з 96,4 працэнта па выніках першага паўгоддзя павінен вырасці да 99–100 працэнтаў да канца года", — заявіў першы віцэ-прэм’ер. Разам з тым, ён сказаў, што пры нарошчванні "ад месяца да месяца аб’ёмаў прамысловай вытворчасці з’явілася магчымасць для скарачэння складскіх запасаў".

"Большасць прадпрыемстваў прыйшла ў паўнаважкі стан, калі ўся вырабленая на працягу месяца прадукцыя рэалізуецца. У сувязі з чым запаволіўся тэмп росту складскіх запасаў", — падкрэсліў Сямашка.

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў таксама нас парадаваў. "Мы абгрунтавана лічым, што здолеем даць Еўрасаюзу аснову для важных рашэнняў для развіцця двухбаковых адносін", — заявіў Мартынаў на прэс-канферэнцыі ў Бруселі 28 ліпеня пасля сустрэчы з "тройкай" ЕС. Так ён адказаў на пытанне пра наяўнасць у Мінска магчымасці выканаць рэкамендацыі ЕС да лістапада, каб прыпыненыя візавыя санкцыі былі адменены.

Міністр падкрэсліў, што чаканні Беларусі ў адносінах да ЕС не абмяжоўваюцца эканамічнай падтрымкай і спрашчэннем візавага рэжыму, хаця апошняе — "відавочны прыярытэт". Ён заўважыў, што беларусы плацяць за шэнгенскія візы амаль удвая больш, чым суседзі, а складаная працэдура атрымання візы "супярэчыць свабодзе перамяшчэння ў Еўропе і павінна быць выпраўлена".

Так што суверэнітэт прыносіць нам толькі добрыя навіны.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com