/ Мядзел. Вілейка. Глыбокае. Паставы. Полацк. Шаркаўшчына

/ Мядзел. Вілейка. Глыбокае. Паставы. Полацк. Шаркаўшчына

Мядзел. Выстава за выставай

У музеі Народнай славы Мядзела адкрылася выстава «Беларуская вопратка: ад мінулага да сучаснага». На ёй дэманструюцца мужчынскія і жаночыя шляхецкія касцюмы, народныя строі і сучаснае адзенне з ільну. Наведвальнікі маюць магчымасць сфатаграфавацца ў народным ці шляхецкім убранні. А на выставе «Музыка гістарычных сядзіб», што месціцца побач, можна паслухаць творы беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя, даведацца шмат цікавага пра іх аўтараў.


Вілейка. Трафеі на выставу


1 сакавіка ў мясцовым краязнаўчым музеі арганізавана новая выстава «Трафеі Перамогі». Супрацоўнікі гэтай установы звярнуліся да грама­дзян, каб усе жадаючыя паўдзельнічаць у мерапрыемстве прынеслі прадметы часоў другой сусветнай вайны. У музеі ўжо ёсць частка экспанатаў з Нямеччыны — посуд, гадзіннік, акардэон. Пасля заканчэння выставы, якую ўрачыста адчыняць 9 мая, рэчы будуць вернуты гаспадарам.


Глыбокае. З гісторыі Дажынак

Дажынкі на Беларусі маюць векавую традыцыю. А вось як яны падаюцца ўладамі — справа іншая. Блогерка ocheretniya выклала ў сеціве галерэю старых здымкаў з Дажынак, якія праходзілі ў Глыбокім у 1934 годзе. Гэтыя матэрыялы ўзятыя з польскага Народнага лічбавага архіву, дзе можна знайсці і іншыя цікавыя архіўныя звесткі па гэтаму краю. У беларускім ЖЖ глыбоцкія даваенныя Дажынкі выклікалі надзіва гарачыя дыскусіі. Блогер kryviec піша: «Неверагодна прыгожыя здымкі! Абавязкова глядзець тым, хто верыць бальшавіцкім байкам пра «польскі прыгнёт», асабліва на фоне таго, як у БССР усё народнае пачало вынішчацца, як «перажыткі» аджылага ладу, а Купала брыдка апяваў урбаністычны наступ на традыцыі. Таксама параўнайце, у што гэта ператварылася сёння».


Паставы. Дапаможнік школьнікам

У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга краязнаўцы Ігара Пракаповіча «Чароўны край — Пастаўшчына». Паводле анатацыі, кніга «адрасуецца вучням, настаўнікам, студэнтам, краязнаўцам, турыстам, і ўсім, хто цікавіцца родным краем», аднак падзел тэксту на параграфы паказвае, што выданне ў першую чаргу разлічвалася для школьнікаў, якія будуць займацца на факультатыўным курсе «Паставазнаўства». Тэкст выдання прыцягвае да сябе ўвагу сваёй якасцю і грунтоўнасцю. Добры і ілюстратыўны матэрыял — некалькі сотняў фотаздымкаў, картаў, малюнкаў, копіяў дакументаў ствараюць выдатнае графічнае суправаджэнне тэксту. Пытанні, якія аўтар змясціў пасля кожнага параграфа, мусяць спрыяць засваенню і асэнсаванню ведаў па гісторыі роднага краю. Апісанне гісторыі Пастаўскага раёна выдатна ўпісана ў агульны кантэкст гісторыі Беларусі. Такім чынам, чытачы змогуць паглядзець на гісторыю краіны праз прызму гісторыі сваіх родных мясцінаў, што, безумоўна, паспрыяе засваенню вучнямі ведаў па гісторыі Беларусі.


Полацк. Завітаў бард


На гэтым тыдні на Полаччыну завітаў вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч. На працягу дня ён правёў некалькі сустрэч са студэнтамі і школьнікамі Полацка і Наваполацка. А ў бібліятэцы імя Якуба Коласа ў Наваполацку адбылася вялікая творчая вечарына з вядомым выканаўцам. Імпрэзы арганізаваныя суполкай «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны з дапамогай грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі».


Шаркаўшчына. Інтэрнэт пенсіянерам

Лідэр «Дыскусійнага клуба 24» Уладзімір Рамановіч плануе арганізаваць шэраг сустрэч па тэме «Роля кампутара і інтэрнэта для наладжвання камунікацыі паміж людзьмі сталага ўзросту». Сваю думку Уладзімір Рамановіч абгрунтоўвае так: «Гэта мяне зацікавіла яшчэ некалькі месяцаў таму. Калі маці сказала, што даўно не была ў сваіх родных у Вільні, бо трэба віза дый праезд для яе не танны. А такіх людзей шмат. Зразумела, што ў асноўным актыўнымі карыстальнікамі сеціва з’яўляюцца асобы да 40 гадоў. А людзі больш сталага ўзросту лічаць, што ім гэта не патрэбна, бо не бачаць сэнсу. Вось я вырашыў з дапамогай удзельнікаў клуба і запрошаных гасцей больш дэталёва высветліць перспектывы і рэалізацыю ідэі». Напрыканцы лютага першы семінар-дыскусія па гэтай тэме прайшоў у пасёлку Германавічы ў прыватным мастацка-літаратурным музеі імя мастака Міхася Райчонка. Сярод прысутных былі мясцовая актывістка і куратар праекта Ада Райчонак, музыка, паэт і бард Андрэй Хадановіч.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com