/ Валянціну Тарасу споўнілася б 80

/ Валянціну Тарасу споўнілася б 80

17 лютага ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесці Мінска, адбылася вечарына, прысвечаная 80-м угодкам вядомага беларускага паэта, пісьменніка, публіцыста, журналіста Валянціна Тараса.

Ушанаваць памяць Валянціна Яфімавіча, які менш за год не дажыў да свайго юбілею, прыйшлі яго сябры, калегі па пісьменніцкім і журналісцкім цэху і людзі, што ведаюць творчасць гэтага цудоўнага літаратара.

Пачалася вечарына з дэманстрацыі невялічкага ўрыўка з фільма «Калі мяне не стане», сцэнар да якога напісаў сам Валянцін Тарас, ён жа і зняўся ў гэтай стужцы.

«Кожны з нас, нават у незалежнасці ад таго, веруючы ён альбо не веруючы, пражывае жыццё Хрыста. У кожнага сустракаецца ў жыцці свой Іуда, свой Пілат, свая Галгофа, свой Крыж. Крыж кожнага з нас — гэта наш абавязак перад жыццём, перад блізкімі, перад грамадствам, а самае галоўнае — перад самім сабой», — кажа з экрана Валянцін Тарас.

Дачка слыннага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча Наталля падчас апошняй сустрэчы сяброў яе бацькі, якая адбылася незадоўга да сыходу з жыцця Валянціна Тараса, запісала на аўдыёстужку адзін з яго апошніх вершаў. У гэтым творы згадваюцца сябры Валянціна, якія ўжо пайшлі з жыцця, — Навум Кіслік, Аляксандр Дракахруст, Васіль Быкаў… Завяршаецца верш такімі словамі:

«Шуміць сяброў маіх дуброва,
яна — не пустка,
не сталася залою шэрай.
Хто там спісаў мяне на дровы?
Не маніць прымаўка:
сякерай не высекчы жывыя словы».


Пры канцы вечарыны адбылася прэзентацыя кнігі Віталя Тараса «Хроніка бягучых падзей», якую аўтар прысвяціў памяці свайго бацькі.

Як адзначаецца ў пасляслоўі да выдання, назву гэтай кнігі падказаў інфармацыйны бюлетэнь, які выходзіў у самвыдаце ў СССР. Рэаліі сённяшняй Беларусі шмат у чым нагадваюць савецкую практыку 1970-х — пачатку 1980-х гадоў мінулага стагоддзя. За адзіным выключэннем — у Беларусі вольнай ад цэнзуры зонай застаецца інтэрнэт. «Хроніку бягучых падзей» склалі выбраныя тэксты з блогу Віталя Тараса, якія апублікаваны цягам апошніх месяцаў на сайце БАЖ. Аўтар ставіць на мэце не толькі ўшанаваць памяць свайго бацькі Валянціна Тараса — партызана і літаратара, памяць яго сяброў, але спрабуе працягнуць іх лінію маральнага супраціву.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Аб'явы


Дабрачынны распродаж

Сустаршыня Аргкамітэта па святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай перамогі мастак Мікола Купава абвяшчае пра продаж некаторых сваіх твораў.
Мастак разлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампенсаваць частку выдаткаў Аргкамітэта на падрыхтоўку і адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдскіх харугваў, паездка на Грунвальдскае поле ды стварэнне банераў-плакатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі.

Забяспечаным і неабыякавым грамадзянам прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль “Вільня. Замак”, “Вечар у Ляўках”, “Менск. Верхні горад”, “Менск пач. ХХ ст.”, а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт і іншыя.

Тэлефоны для кантактаў: (029) 551-32-36. (017) 306-33-17


 

 Беларус з Буэнас-Айраса шукае землякоў з-пад Клецка

На адрас электроннай пошты «Новага часу» прыйшоў ліст з Аргенціны, з Буэнас-Айраса.  Даць увесь тэкст даслоўна не выпадае, бо аўтар, як ён сам адзначыў, карыстаўся электронным перакладчыкам, таму сэнс некаторых фраз не зусім зразумелы. Прыводзім асноўны змест ліста.

Мяне завуць Карлас і я пішу гэты ліст, каб папрасіць вас дапамагчы. Я шукаю каго-небудзь з вёскі Заостровечье (так у тэксце, у тэме электроннага ліста аўтар пазначыў яшчэ і так: Клецк-Заостровечье, засценок Б. БОРKA). Каго-небудзь, хто хоча звязацца з кім-небудзь з Аргенціны. Шукаю не абавязкова сваякоў, а проста ўраджэнцаў, жыхароў Заостровечья, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі па электроннай пошце.
Мае бабулі і дзядулі жылі  ў Заостровечье (Б. БОРKA).
СУШЧЭВІЧ дзявоцкае прозвішча маёй маці.

Калі ласка, ці не маглі б вы дапамагчы ў пошуку? Я магу гаварыць на італьянскай і
англійскай мовах.

Я прашу вашай дапамогі ў маіх пошуках, каб знайсці кантакт у гэтым горадзе.

Прывітанне з Аргенціны
Буэнас-Айрэс

Carlos Occhiuzzi (Карлос Сущевич)
Электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com